А Юрка ў той дзень доўга сядзеў на прызьбе. Балюча і горна было яму. Пасьля пашоў ён у двор, стаяў пад грушаю і нудна глядзеў на расьцярушаную пад ёю салому. І не заўважыў, як бацька падышоў з агароду:
— Што, сукін сын, стаіш?!
Юрка адскочыў да весьніц і глядзеў адтуль на бацьку. Бацька яшчэ мармытнуў нешта і пашоў у сенцы. Юрка пашоў да Юзіка ў двор, сеў на няпілованым дзераве пад паветкаю, сядзеў так і маўчаў. На змроку заўважыў яго там і падышоў да яго Юзік.
— Чаго ты сядзіш тут?
— Так сабе.
— Хадзем на вуліцу.
— Не хачу.
— Чаму?
— Так.
Юзік падышоў бліжэй.
— Чаму ў цябе твар заплаканы?
— Нічога.
— Скажы чаму?
— Тата біў.
— За што?
— За ваксу.
— Ну! А твой-жа тата сягоньня прадаў шчэць і прапіў.
— Як ты ведаеш?
— На месьце бачыў яго п'янага. Бачыў, як ён і шчэць прадаваў.
— Хлусіш.
— Яй-богу. Усе бачылі.
Юрка вылез з-пад паветкі, шмаргануў па твары рукавом. Пашоў на вуліцу. Юзік не пасьмеў ісьці за ім.