хацеў сказаць, а ўсё круціўся з гаворкаю вакол галоўнага:
— Даўней, я памятаю, як Алесяў бацька жаніўся, дык тры дні гулялі — дзень у маладое і два дні ў яго. Я сам за шафіра быў, вянец трымаў. А музыка два дні была. Скакалі да сёмага поту.
Вашыновічыха сказала:
— Ат, што там скакалі. Калі, бог дасьць, усё добра, дык яно і так, і так — ня кепска будзе.
Вашыновіч глянуў на яе і маргнуў у бок каморніка. І яна змоўкла. Вашыновіч падняў чарку:
— Ну, то няхай бог дасьць маладым шчасьце і долю... Каб яны жылі шчасьліва і ў добрым здароўі ўнукаў прыждалі.
Госьці адказалі:
— Дай-жа божа.
Выпілі. За другою чаркаю Вашыновіч сказаў:
— А каб Юлік здароў праўнукаў прычакаў.
Выпілі. Барановічыха заўважыла:
— Бог ведае. Вельмі-ж хваравекаваты ён зрабіўся. Рабіць ніяк ня можа. А яшчэ нага гэтая яго мучыць.
Выпівалі і гаварылі. Маладыя павылазілі з-за стала. Каморнік вышаў у кухню закурыць. Курылі ўдвух з Ганьніным братам і гаварылі нешта. Ганна цішком гаварыла з сваёю таварышкаю, Вашыновічаваю дзяўчынаю:
— Я ўжо хачу, каб хутчэй выехаць. Ты ведаеш, колькі я папаплакала ад усялякіх гэтых гаворак. А то і цяпер, усе вачыма колюць, глядзяць, як на нейкае дзіва, а Пасьля-ж таксама яшчэ папагавораць.
Дзяўчына ўсьміхнулася:
— А колькі ў нас у хаце гаворкі было пра гэта.