— Нічога... Вядома, пакідаеш усё.
Таварышка пацалавала яе.
— Дзякую, сястрыца.
І мацней абняла яе рукамі.
— Ты адна блізкая мне з таварышак.
Абняўшыся, пахадзілі яны яшчэ. Госьці пачыналі разыходзіцца. Вашыновіч і Вашыновічыха пашлі, дзяўчына засталася.
Кончыўся дзень; брат рыхтаваўся ехаць, аглядаў воз, высьцілаў саломаю.
Як усе пашлі, у сенцах заплакала маці. Пацалавала Ганну, каморніка пацалаваць не адважылася. Сказала, глытаючы сьлёзы:
— Жывеце добра.
Падышоў бацька:
— А як-жа хаця там з кватэраю?
— Прыедзеце калі, паглядзіце.
Маці выцерла рогам хусткі сьлёзы. Барановіч адставіў нагу, доўга глядзеў на маладых. Раптам твар яго зморшчыўся, барада ад'ехала ўніз. Ціха чмыхнуў і ня стрымаўся — падышоў, абняў іх абоіх, пацалаваў Ганну ў твар, зяця ў губы.
— Хаця-ж нас старых не забывайце... Бо я немагушчы, стары. І нага ў мяне баліць... Жывеце добра...
Зяць паціснуў яму руку. Ганна пацалавала ў нябрыты, жорсткі яго твар.
Выехалі перад самым змрокам. Трымаючыся за воз, бацька правёў да канца вуліцы. Папробаваў рукою, ці добра прывязаны ззаду ўкручаныя ў дзяругу падушкі і пашоў паволі дадому. Ганна ўзяла пад руку Андрэя, прыціснулася да яго. Брат сядзеў у перадку, паволі памахваў лейцамі.