— І я таксама.
Жанчына засьмяялася:
— Ах, як вы перадалі лішне з работаю. Паўвярэджваліся, небаракі.
Юзік апраўдаўся:
— А што-ж, ня лішне мы і гуляем.
— От маладцы! Работнікі.
Юзік пакрыўдзіўся:
— Яшчэ і сьмяюцца.
Моўчкі даядалі. Жанчына адумалася, каб не пакрыўдзіць Юрку, гледзячы на Юзіка, сказала:
— От Юрка, дык праўда, што ўсё робіць дома, ён і на полі ўсё робіць. За восень — усё жыта пазабараноўваў. А ты, дык адно кніжак сваіх глядзіш. Добра, што хоць вучышся. І за гэта маладзец.
Юзік пачырванеў, пакрыўдзіўся. Жанчына заўважыла гэта:
— От ты ўжо і надзьмуўся нямаведама чаго... Еж, я табе яшчэ скварак падлажу.
— Больш не хачу.
— Дзякуй, —сказаў Юрка.
Пазашпільваліся, панадзявалі шапкі. Юзік стаў шукаць свае палкі.
— Я сабе ўчора вельмі добрую ялаўцовую палку выразаў.
— Дзе?
— У кустох.
— Чаго-ж ты там быў?
— Коні хадзіў з жыта зганяць.
— А зямля-ж умерзла.
— Не, добра ня ўмерзла, дык выгружваюць. Я стаяў ды падпільноўваў. Вельмі-ж Паўлаў конь, каб ён здох, каб ён. Тут яго выганіш, а ён зноў, а ўсе коні за ім.