У хаце было трохі чадна. Пахла подмазка ад скаварады пад прыпекам, згорбіўшыся, сядзеў над ёю кот і еў, моцна чаўкаючы.
— Каб ты здох, каб ты. Як нікуды ад цябе не ўхаваешся. Памаўзьлівы, ліха яму.
Кот бліснуў вачыма і замармытаў.
— Еж ужо, каб ты выдах, калі пагнюсіў.
Вокны ад двара былі ў сонцы, на ваконнай трухліне, вільготнай і мяккай, зелянілася доўгая, белаватая трава. Юзік стаў разглядаць яе:
— Што гэта ў вас расьце на вакне, якраз як жыта.
Юрка ўсьміхнуўся:
— Гэта авёс. Я зрабіў спробу, ці будзе ўсю зіму зялёны, ці пасохне. Узяў ды ўваткнуў у гэтую трухліну пяць зярнят. Бачыш — пяць каліў узышло.
— Вакно яшчэ больш згніе.
— І так гнілое, чорт яго бяры... Клопат.
Узяў венік і пачаў падмятаць хату. Юзік падаў раду:
— Пакрапі вадою, а то вельмі-ж пылу нарабіў.
І ўдвух пачалі крапіць вадою хату. Сястрычка абазвалася з печы:
— Юрка, унясі ў хату гарбуз... Мы гарбузікаў дастанем.
— Няма мне часу, трэба парасят накарміць.
Паселі ўдвух з Юзікам каля ражкі, вылілі з гаршка памыі, накідалі сечанае паранае бульбы і, закасаўшы рукі, сталі душыць рукамі бульбу.
— Нечым кіслым бульба пахне.
— Пракісла, тры дні стаіць.
— Ты заўсёды парасят корміш?
— Не, найбольш тата.
— А хто ў печы паліць?
— Тата.