— Ну дык нашто ты крыўдуеш?
— Я, сказаць, і ня крыўдую.
— Ну, а як-жа?
— Ніяк. Няхай, тымчасове, той крыўдуе, у каго якая крыўда на каго ёсьць. А маё тут дзела — старана.
— Дык чаго ты мне ўсё выгаворваеш?
— Хто гэта выгаворвае? Ніхто не выгаворвае. Тамаш захварэў, ляжыць хворы, то дай божа, каб ачуняў. Ён, сказаць, табе ня мала дабра зрабіў, як пабыў у камітэтчыках.
— Што ты тут Тамаша ўспамінаеш?
— Прышлося да слова, то чаму ня ўспомніць, калі яно так падыходзіць, бо якраз.
— Ат, што з табою гаварыць.
— Можаш сабе, тымчасове, не гаварыць. Ты за сьведку пабыў, як я ў Юліка купіў здаровую кабылку, ня хворую, як мае быць, то і дзякуй табе. Зроблена ўсё пасуседзку. Юлік цябе пазваў, я паставіў барыша, бо мы гэтак у цане сышліся. Што тут лішне гаварыць. Я чалавек, тымчасове, такі, калі дзе што ня так, я люблю лепш памаўчаць. От што. Чуў ці не?
Крываносы Мікалай заўважыў:
— Аб чым тут, браткі, ход?
— Тымчасове, ні аб чым.
— Дык нашто гаварыць адзін насупроць другога?
— Жывы чалавек, тымчасове, можа пагаварыць.
Мацьвей памог у гаворцы:
— Языка ня прывяжаш. Няхай меньціць, колькі ахвоты будзе.
— Ах, які ты ўжо, тымчасове, сьвяты. Ты за Тамаша пакрыўдзіўся? Я Тамашу кепскага не хачу нічога на яго не скажу. Тамаш — сьвяты чалавек.