— Вы папрабуйце з тыдзень паляжаць
— Хто яго ведае, можа прыдзецца так, што каб і хацеў устаць, дык ня ўстану. Вельмі-ж разьбірае. Здаецца-б, на сьвеце ня жыў, такая боль. На ноч дык яшчэ горш. Ня дай божа нікому добраму. От я проста рвуся, каб рабіць што-небудзь, а тут ня можна. Я не магу, рукі склаўшы, сядзець. Я ззамаладу прывык да работы. Я хоць, сказаць, і не малады ўжо, але яшчэ рабіў-бы, каб не нага гэтая. Абы адно мокра і холадна на дварз, дык боль пераходзіць у сьпіну. Тады сагнуцца не магу, так і варушуся, як слуп. Шануючы цябе, не магу і портак падцягнуць... А жыць трэба, і рабіць трэба. От у мяне меншы хлопец усю гаспадарку ўжо можа ўправіць, але хлопец хлопцам. Калі бацька не паглядзіць, не пакамандуе, дык яно ўсё і робіцца па канец рук. Ты сам гаспадарлівы хлопец, ты сам павінен ведаць. Тут трэба над усім гаспадарскае вока.
— Вядома што.
— Пакінь ты гаспадарку бяз догляду — яна табе ў два дні на пшык зьедзе. У мяне от двое коняй. Дык хлопцы гэта іх цяпер і кормяць і пояць. Сядзі ты, кажуць, бацька ў хаце, ды ня рыпайся, без цябе, кажуць, дагледзім. А я потым разоў тры ў дзень выходжу паглядзець, ці ядуць хаця коні Можа што ня так, можа што ня гэтак. Можа гной ня роўна ў хлеве, можа не падаслана. А можа замала харчы дадзена. От як. Ну, падумай ты сам, не дагледзь, папробуй. Што тады будзе? Жывёліна-ж без языка, яна табе ня скажа, што ёй далягае, чаго ёй не хапае. Яна табе не паскардзіцца. Гэта-ж табе, не раўнуючы, не чалавек. Ого, гаспадарка бяз догляду — усё роўна як нямаведама што... Бывала от, быў я яшчэ малодшы, дык на начлег