— А яшчэ і замуж прагнеш.
— Адкуль ты ведаеш!
— Ня відаць ці што.
Пасадзілі дзяўчыну на лаву. Дзяўчына вырвалася. Дзяўчаты рагаталі. Гарэлку выпілі і паставілі бутэльку на вакно.
— От табе, Маня, спадкі.
— Ты тут гаспадыня ў хаце, няхай табе і застаецца.
— Пустая бутэлька. Дзякуй. Каб поўная.
— Чорт з вамі разьбярэ. Адну ніяк ня ўпросіш, каб выпіла, а другая крыўдзіцца, што пустая бутэлька.
— От каб музыку дзе справадзіць.
— Чаму ты, Клемусь, скрыпкі ня ўзяў?
— Ты, здаецца, цяпер на клярнэце граеш, няхай-бы ўзяў.
Неўзабаве прывялі аднекуль скрыпача. Ён прышоў у белых палатняных портках, падпяразаны шырокаю папругаю па кароткім кажушку. Пацерабіў стрыжаную бараду і падсівелыя вусы і сказаў:
— Што-ж, браткі, так граць.
Зараз-жа дасталі яму недзе ў Зьмітра дзьве чаркі гарэлкі, і ён пачаў граць. Зьмітрок пасьміхваўся, лежачы на палатках. Дзяўчаты папакідалі прасьніцы. Але скокі нешта ня ладзіліся. Маня сядзела поплеч з Алесем. Гаварыла:
— А я думала, ты ня прыдеш.
— Прышоў.
— Прыходзь часьцей.
— У нядзелю прыду.
— Глядзі-ж, каб прышоў.
Нейкая маўклівая згода і разуменьне адно аднаго ўстанаўлялася між імі.