— Ведаеш што, Маня.
— Ну гавары.
— Давай цяпер пойдзем па вуліцы паходзім.
— Не.
— Чаму?
— Нядобра.
— Але чаму?
— Будуць усе думаць ліха ведае што, гаварыць.
— Ну дык што, чаго ты баішся? Няхай гавораць.
— Гэта табе толькі здаецца, што нічога.
Клемусь весяліў усіх. Стаяў пасярод хаты, тлумачыў пра нейкую новую гульню. Гаварыў сьмешна, сьмяшыў усіх. Падышоў да Алеся. Алесь сказаў яму:
— Можа ўсе гуртам па вуліцы пагуляем?
Клемусь зразумеў Алеся:
— Зараз, усе.
І сказаў усім:
— Вечар, як звон. Давайце ўсе на вуліцу.
Хто згадзіўся адразу, хто не згадзіўся, таго прымусілі згадзіцца. Хата апусьцела. Шумна стала на вуліцы. Алесь ішоў з Маняю.
— Я, Маня, заўтра прыду.
— Ну прыходзь.
— Вячоркі будуць?
— Не. Заўтра ня будзе.
— Ты будзеш дома?
— Каб ведала, што ты напэўна прыдзеш, дык была-б.
— Напэўна прыду.
— Дык я буду чакаць.
— Я трохі пазьней прыду, як сягоньня.
— Добра.
Узяў яе пад руку. Адчуў яе моцную руку, гарачую, здаровую. Мацней прыціснуў руку да сябе.