Яна з жаночым задорам глянула яму ў вочы. Ён сьціснуў яе пальцы. І яшчэ мацней. Засталіся ад усіх, адны на сьнегавой вуліцы. Бачылі толькі сьнег пад нагамі, ноч на пустым небе і адчувалі адзін аднаго. Вярнуліся назад. Першымі ўвайшлі ў хату. Бацька спаў на палатках. Цішком селі на лаву. Нічога не гаварылі. Ён гладзіў яе галаву. Валасы ў яе былі каштанавыя, ушпіленыя трыма грэбнямі. І гэта не спадабалася на адзін момант яму. Успомніў Ганьніны косы. І раптам прайшло ўсё. Усё забылася. Усё адагнаў ад сябе. Прытуліў Маню да сябе, чуў, як пахлі ружовым мылам яе валасы. Раптам яна апусьціла галаву ніжэй, абхваціла яго за шыю рукамі. Ён адчуў здавальненьне і зусім забыўся на ўсё, што дзе калі-небудзь было. І моцнае жаданьне зьявілася ў яго, каб стала яна блізкаю для яго і каб разумела ва ўсім яго. І моцнае жаданьне гэтае межавацца пачало са смуткам.
— Ведаеш, Маня?
— Што?
— Слаўная ты.
— Ты-ж мяне добра ня ведаеш.
— Можа.
— Ну от бачыш, а гаворыш.
— Мне здаецца. Я думаю, што гэтак.
— Раней часу ніколі ня трэба гаварыць.
— Раней якога часу?
Ружовая, разагрэтая, яна засьмяялася:
— Я і сама ня ведаю.
І моцна яны абняліся.
— Памятаеш, як я ў Аляксандра жала, а ты здалёк крычаў мне дзяндобры? Ну, скажы.
— Што?
— Чаго ты маўчыш?
— Давай памаўчымо.