— Спаў ты дрэнна. Качаўся ўсё. Я чула.
— Доўга заснуць ня мог.
— Глядзі, ці здаровы ты?
— Здаровы.
Маці паглядзела на яго:
— Цяжка мне аднэй у хаце. Старая я. Мне ўжо і каб лягчэй крыху было, не пашкодзіла-б.
— Ведаю.
— Хіба ты ажаніся.
Алесь змоўчыў.
— Ты ня шукай лішне якое панаватае, бо яна табе жыць спакойна ня дасьць. Пашукай сабе дзяўчыну простую, добрую, працавітую. Каб яна гора людзкое ведала, каб яна бяду разумела. Дык з гэтакаю табе і жыць будзе добра. І ў хаце лад будзе.
Алесь памаўчаў і сказаў з нейкаю раптоўнаю рашучасьцю ў голасе:
— Я ўжо знайшоў сабе дзяўчыну.
— Каго?
— Будзеце бачыць.
— Тутэйшую?
— Але.
— Прыглядайся-ж добра да яе. Каб у бяду ня ўскочыў.
І доўга яна яшчэ гаварыла, тупаючы па хаце. Ён-жа пашоў да Клемуся і прасядзеў там да самага вечара. Крываносы Мікалай прыходзіў дамалачваць авёс і пашоў назад. Пад вечар прышоў Алесь з Клемусем, удвух зьбілі два астатнія пасады аўса і пашлі да Скварчэўскага на капэлю.
Дзён праз два зноў хадзіў Алесь у Чучаны. Назад Маня правяла яго аж за вёску. Ішлі і гаварылі, як зусім ужо блізкія. Абое адчувалі радасьць ад свае адно да аднаго блізкасьці.