Пасьля ўсё пачало ўваходзіць у сваю ранейшую каляіну. Роўна пашла ранейшая работа.
Тамаш ляжаў на палку каля печы, па самую бараду ўкрыты сваёю браваркаю. Глядзеў на сьцяну і то заплюшчваў, то расплюшчваў вочы. Алесь увайшоў у хату па паўдні. Тамаш перавёў на яго вочы, і твар яго не зьмяніў спакою сваіх рыс.
— Два тыдні ня бачыліся.
— Але.
— Увесь гэты час ляжу.
— Страшнае што?
— Халера яго ведае. Дактары нічога не прызнаюць такога. Захаладзіўся — больш яны нічога не гавораць.
— А як на паправу, ідзецца?
— Як-бы лепш трохі
Пахла падмеценаю кагадзе хатаю. У падпечку сакатала курыца.
— Выгані ты яе, браце, у сенцы, няхай на яе паморак, аж у вушшу ляскае. Як на тое ліха, сышлі усе з хаты.
Вылез раптам з-пад браваркі, спусьціў ногі на зямлю. Пасядзеў з поўхвіліны і зноў лёг:
— Не магу, а так, здаецца, устаў-бы ды пашоў-бы. Устаць хочацца. А тут сілы няма. Што ты зробіш... Каторы ўжо дзень ня курыў, адваротна ўсё было. Дай хіба там, браце, на комінку тутунь, папробую пацягнуць разоў колькі, можа ад сэрца адляжа. Там і папера недзе павінна быць.
Увайшоў у хату сын яго.
— Здароў, Алесь.