Няхай сабе, тымчасове, жывуць, як ім найлепей. Я адно, што магу тут у гэтым, можна сказаць, дзеле, сказаць? Тое, што, хто яго ведае, што яно можа тут быць. Часам можа быць, што, ці то суджана гэта, ці што, але чалавеку саўсім іншае пачне здавацца, як раней здавалася. Раней здаецца добра, а пасьля іначай. Гэта, тымчасове, можа быць. Гэты каморнік яе можа і ня кіне, хто вам казаў гэта, што канешне ён яе кіне! Але жывучы — яно ўсё можа быць. А ўрэшце, тымчасове, чорт яго тут ведае. Юлік вельмі-ж хваліўся. Ні то, што хваліўся, але вельмі-ж нос угору задзіраў. Няхай сабе, як хоча, мы да гэтага нічога мець не павінны. Начорта гэта каму ўмешвацца ў гэты, тымчасове, інтэрас! Не маё гэта, можна сказаць, дзела, і не хачу тут я гэтых плётак. Бо гэта чалавеку жаднае карысьці не дае і даць ня можа. Да чаго гэтая ўся гаворка!
Жонка не сьцярпела:
— Людзі-ж, мусіць, ведаюць, калі гавораць. Людзі-ж хочуць усё, каб як найлепей.
— Ат, гэтыя твае людзі. Нічога, тымчасове, гэтыя людзі ня варты. Я раз назаўсёды скажу. Начорта мне ўся гэтая работа. Начорта яна, тымчасове, мне. Я жыў і жыць буду бяз ніякае гэтае, Тымчасове, гэтае. Я такі чалавек. Гэтыя бабскія гаворкі заўсёды праз бок, добра кажа, вомегам вылазяць, от што.
Пачухаў жывот і зноў палез на печ.
Тамаш апрануў наапашкі браварку і запытаў:
— Што на дварэ сёньня?
У хаце адказалі: