лася ў галаве, але радасна было яму ісьці так паз вядром па абгалялёдзелай вуліцы. Перайшоў яе ўпоперак — да калодзезя. Стаў чэрпаць ваду, паволі апускаў жэрдку ў калодзезь. І адчулася яму пасьля трох тыдняў хваробы ў душнай хаце, як моцна пахне з калодзезя гнілым дубам, вадою. Поле і паплавы нагадаў яму гэты пах. Сэрца застукала ў грудзях мацней, радасьць жыцьця ўскалыхнула яго. Перамагаючы слабасьць, выцягнуў ваду, наліў вядро і панёс. Паволі сыходзіў з ледзяной абмерзласьці навокал калодзезя. Раптам нага пакаўзнулася, на другой назе адзержацца ня мог — і паехаў уніз, упусьціўшы вядро з рук. Увесь абліўся і зьехаў уніз плячыма. Крэкчучы, падняўся, у вачох раптам стала цёмна, калючыя вострыя іскры забегалі ў іх. Нейк абмацаў каля сябе вядро, напружваючы ўсе сілы, каб зноў не паваліцца, пашоў з пустым вядром дадому. Ледзьве дайшоў да хаты. Вядра ня мог больш нясьці, паставіў у варотах, прыпёрся да хатняе сьцяны. Уздыхнуў разы тры і ўпоўз нейк у сенцы. Доўга мацаў клямкі, каб адчыніць дзьверы ў хату. У хаце адразу паваліўся ложак. І ўсё рупіла яму, што вядро засталося на вуліцы ў варотах. Пачаў зваць сына:
— Лявон, Лявон.
Цяжка было яму крычаць. Ніхто ня прыходзіў. Зусім стала цяжка крычаць. Маўчаў, і здавалася яму, што гэта ня ён, а Лявон паставіў вядро ў варотах, наўмысьля, каб хто забраў і каб пасьля ўсё ўскласьці на яго — на бацьку. Чуў голас, востры грымучы:
— Дзе вядро дзелася?
Паварушыўся, каб адказаць і скоранька прагаварыў:
— У варотах на вуліцы. Ты-ж сам паставіў.