— Дзеці... Што дзеці. Дзецям, так небаракам, хоць прападай, Вам, братка, хіба ўдаву якую пашукаць ці што...
Сабастыян таксама памог:
— Хіба, браце... што ты думаеш. Так-жа як гэта жыць... Адно падумаць, дзеці, як боб, дробныя.
Сабастыяніха пашла ў мыцельнік парадкаваць мяса. Запахла ў хаце перцам і гарчыцаю. Сабастыян вылез з-за стала:
— Пайсьці каню закінуць.
Мацьвей пачухаў шыю:
— Хто яго тутака ведае.
Правёў Сабастыяна на вуліцу. Унёс у хату бярэмя лому. Седзячы на лаве, поплеч з Алесем, Мікалай выкалупліваў саломінаю з зубоў. Мацьвей падышоў да Алеся:
— Кажуць, жаніцца будзеш?
Адказаў Мікалай:
— А далуль-жа яму хадзіць так. Што, не пара?
— Дзіва што пара.
— Ці няма як у хаце? Здаецца-ж, гаспадар сам!
— Дзіва што.
Алесь устаў, падышоў да печы, узяў з комінка запалкі, закурыў. Зноў сеў поплеч з Мікалаем. Мацьвей загаварыў:
— Сам ня ведаю...
Сабастыяніха перабіла:
— Нічога іначай ня будзе.
Алесь умяшаўся ў гаворку:
— Няхай чалавек робіць, як самому лепш здаецца.
— Але-ж парадзіць трэба.
Тады Мікалай адказаў:
— Парадзіць умеру... Тут самае важнае што? Гаспадаркі глядзець, каб у хаце парадкам усё