— Чаму?
— Ня лішне яго, небараку, дзеці і глядзелі. Я-ж ведаю. Раўлі, як на што ліхое, не паважалі яго ўсё-ж, як бацьку.
— Тымчасове, гэта было.
— Ну, то якая-ж там старасьць добрая! На ліхога казана гэтакае дабро. Ён адно што ня скардзіўся ніколі нікому. Бывала, усё маўчыць пра гэта, або калі і ўспамяне, дык доўга гаварыць пра гэта ня будзе.
— Ён ня лішне любіў надакучаць каму.
Барановіч падумаў і здагадаўся:
— Разумны быў чалавек.
— Тымчасове, хто што пра гэта тут будзе спрачацца.
— Дарма, што і я часамі, што, бывала, вазьму дый скажу на яго.
— Кажуць, што Алесь з Клемусем прышлі, як ужо абмылі яго, і заявілі, каб ні папа, ні нават сьвечак ня было.
— А пэўна, што яны гэта зробяць.
— Дзіва што... Я, тымчасове, ня ўручаю, але гаворкі пайшлі, што Алесь распарадзіўся, каб і звону царкоўнага ня было. Я такі, тымчасове, зранку і думаў—прыдуць да мяне, каб пазваніць ці не.
— Ну, а як?
— Ня прышлі.
— Трохі нейк нядобра, гэта-ж чалавек.
— Нядобра. Што ты з імі зробіш.
Аднак далей пакінулі бедаваць пра гэты інтэрас і пайшлі глядзець котнае авечкі. Пасьля Вашыновіч спаткаўся на вуліцы з Мікалаем і запытаў яго зьнячэўку:
— Ня ведаеш, хто труну будзе Тамашу рабіць?