— Адкуль мне ведаць.
— Курыць маеш?
— Іду да Алеся закурваць.
Вашыновіч увайшоў за ім усьлед у хату. Сталі закурваць.
— Тымчасове, от жыў-жыў Тамаш і памёр, вечны спакой.
Алесева маці загаласіла:
— Гэтак сама і мой нябожчык. Яшчэ і здаровы, здаецца, быў і раптам яго хвароба нейкая зламала. Жыў і дабра не прычакаў. Усё спадзяваўся, небарака да самае сьмерці. А гэта Тамаш — працаваў, рабіў, стараўся, а калі ён тое дабро бачыў! Божа-ж мой, божа!..
Яна моцна заплакала.
— Каб мне яшчэ, здаецца, хоць колькі гадкоў на сьвеце пажыць. Жаніся ты, Алеська, аблягчы ты маю старасьць.
— Тымчасове, ну але, пара табе, сынку, жаніцца. Каб бог даў усякаму гэтакага зяця. Я табе адкрыта, перад усімі, тымчасове, скажу.
— Ну але, сыночак, от і людзі кажуць.
— Ціха вы, мама.
Старая села на лаву і, усхліпваючы, выцірала фартухом сьлёзы.
— Тымчасове, цяпер, хто яго ведае, усё нейк як-бы і добра. Спакойна стала, усталёўваецца як мае быць. Што так халасьцяку, можна сказаць, жыць. А жанатаму, нябось, тымчасове, ня Зусім у хаце іначай. Я, тымчасове, сам быў маладым, сам ведаю. Сам гаспадар... Дастань яшчэ тутуню. Папера ў мяне ёсьць у кішэні, газэта... дзякуй.
— Дык от-жа тонкая.
— Ну, тонкая-тонкая... Робіш цяпер дзе, Мікалай?