ноч, кажа, буду маліцца. Галосіць, што нават сьвечкі няма, дажыўся, кажа, Тамаш. Стаіць перад ім на каленях і валасы на сабе рве. І народу поўна хата. Бабы і старыя сьпяваюць царкоўныя песьні. Пад поўнач пачалі трохі разыходзіцца.
— А Лявон што робіць?
— Клапоціцца ўсё. Прыгаварыў Вашыновіча яшчэ з нейкім дол капаць. Вашыновіч прыходзіў маліцца па Тамашу — на каленях перад ім памаліўся, заплакаў і пацалаваў Тамашу ў нагу. У белых панчохах ляжыць Тамаш.
Сабастыян панура сказаў:
— Жывучы, дык найбольш у лапцях хадзіў, а гэта ў белыя панчохі ўбраўся, небарак. Эх ты, жыцьцё чалавечае! Дык, кажаш, Рыгорыха галосіць?
— Але. Успамінае ўсё, як жыў Тамаш.
— Як жыў?
— Выкалупвае ўсё, што калі было.
— Што?
— От, калі ня еўшы быў, калі ня піўшы. Як жаніўся, як дзяцей хаваў. Як жылі ў хаце, сварыліся, як мірыліся.
Клемусь памаўчаў, аддыхаўся:
— Адзін раз убачыў быў, што ў мяне кніжка за папружку засунута. Дык ён на ўсю вуліцу запытаў у нейкага: ці бачыў ты, кажа, каб трымаць на пупе ніжку і чытаць. І сам рагоча. Жартаўлівы быў. Ну, я пашоў.
Зачынілі дзьверы. Ноч маўчала за сьценамі. Усё гэтак сама сьвяціла лямпа, гэтак сама пахлі смалою стружкі і дошкі. Зноў засьпявалі два геблі. Стукаў малаток.
Яшчэ прыцемкам скончым.
— Дзіва што.