Мікалай паволі адказваў і заўважаў:
— Да вясны. Надакучыла.
— А дзе не надакучыць?
— Дзе надакучыць, адтуль пайду. Гэтак лепш. Абы адно пад вясну падбярэцца, адразу пайду. За Бабруйск падамся — я там некалі на робоце быў. А там улетку, як пачнецца касьба, далей падамся.
— А на зіму?
— Тады тое будзе. Гадоў праз два ці праз тры зноў сюды зьяўлюся, можа. Цікава тады будзе паглядзець, што за зьмены тады тут у вас будуць. Бо гэтак от, як сядзіш на адным месцы і на тваіх вачох усё робіцца, дык не прыкмячаеш нічога... От Тамаша пахавалі... А колькі тут за гадоў тры зьменіцца! Якім ты тады будзеш?
— Тады і ты пастарэеш.
— Ну, пэўна.
— А яшчэ праз тры гады якія, дык ужо і цяжка табе будзе гэтак брадзяжыць.
— Тады тое і будзе.
— Заставайся тут.
— Чаму?
— Дамо зямлі, асталёўвайся. Куды ты павалачэшся!? Жыві от. Звыкліся нейк, усё роўна, як ты і радзіўся тут ужо.
— Прыду яшчэ, яшчэ асталююся, будзе час. Пасьля нямаведама, як будзе.
— Ат, калі жывы чалавек, дык і ўсё будзе. Яшчэ і ажанюся, і на зямлі насяджуся.
— Ажэнішся тады, як агрыбееш.
— Не агрыбею яшчэ. А калі пастарэю трохі, дык тады якраз добра і жаніцца. Калі адно і застанецца, што сядзець на адным месцы з жонкаю. Цяпер, у самай сіле, добра і пагуляць па сьвеце.