Волька была дома. Сядзела на нізенькім, пазьвязваным дротам крэсьле, перад лямпаю і чытала. Узрадавалася Алесю і Клемусю. Устала ім насустрач, паціснула рукі.
— Што ты чытаеш?
— От тут артыкул, проблемы мястэчак. Экономічны нарыс. Зацікавілася самым загалоўкам. Ты, Алесь, шмат чытаеш?
— Мала.
— Дрэнна.
— Сам ведаю. Часу няма. Усялякае работы-і гаспадарка, і ўсё. Адзін я.
— Трэба што-небудзь прыдумаць. Нельга гэтак.
— Ну, што я зраблю.
— Пачала чытаць гэты артыкул... Ведаеш, цёмна на вуліцах, ціха, а навокал пад сьнегам балота, на балоце брадзячыя сабакі выюць. А тут царква маўчыць, могілкі недалёка. А на гэтым пляцы саматужныя загатовачныя і шавецкія майстэрні, на суседняй вуліцы два ці тры краўцы. Далей хаты, гумны са снапамі, прысады, поле...
— Што ты хочаш сказаць?
— Глуш гэтакая. Людзі жывуць...
— Ну?
— Апярэдзілі самі сябе. Поле арэ худым канём, у лапцях ходзіць, а сам, душою сваёю, ці як тут сказаць, культурны.
— Ты думаеш?
— Думаю. Адно варта як найхутчэй гаспадарку павысіць.
— А от плюе ў хаце, каля стала седзячы, сабе пад ногі. От табе і культура.
— Пакіне зараз пляваць. Адно каб як лапці хутчэй скінуў... От нябожчык Тамаш...
— Тамаш быў дзіўны чалавек, што раўняць.