— Пачала чытаць от...
Задумалася, памаўчала. Зажурылася бляскам вачэй:
— На лета вучыцца, хоць што вы сабе хочаце.
— Добра. Камандыруем.
— Нейкай большай работы хочацца. А чую, што пораху мала. Нічога гэтак ня будзе. Ня можна гэтак.
Прайшла па хаце. Усьміхнулася Клемусю ў твар:
— А ты як?
— Чорт яго... гаспадарыць буду.
Засьмяяўся:
— Я да навукі тупы, я абух.
— Жартуеш.
— Буду павялічваць капэлю. Каб з музыкай жыць... Хіба каб на якія музычныя курсы...
— Маладзец, што зайшоў, Клемуська.
— Калі твая сястра прыедзе?
Волька жартаўліва сказала:
— А я думала, што ты па мне ўздыхаеш гэта?
— А можа і па табе.
— Дык відаць-жа!.. Неўзабаве прыедзе. Ты што, закахаўся? Ну, прызнавайся, чаго там.
— Ну, а калі закахаўся, дык што там.
— Ну, то чаго ты баішся прызнацца. Эх ты, хлапчанё!
— Закахаўся.
І засьмяяўся. Падышоў да стала, узяў кніжку. Пагортаў і палажыў назад.
— Расьцеш ты, на лес гледзячы.
— Абы здаровы расту.
Зноў засьмяяўся.