А маці адразу заклапацілася і заплакала:
— Паблажэла трохі... Чым-жа цябе і частаваць, госьцейка мая. Ты-ж тут кагадзе сама гаспадыняю была...
І пачала ставіць усяго на стол.
— Абы хаця ела ты.
Пасьля ўсё гаварыла, усё асьцярожна распытвала.
— ...А тут усялякія гаворкі пашлі, плёткі ходзяць. Каб толькі чула ты, што гавораць...
Бацька, грэючы рукі каля печы, перабіў:
— Ат пакінь ты. Мала што меньцяць языкамі. Няхай сабе, горлаў не пазатыкаеш.
— Дык няхай сабе, але-ж вельмі крыўдна.
— Чорт іх бяры.
— А што гавораць, мама?
— Ды от гавораць...
І доўга гаварыла маці. Выцірала рогам хусткі сьлёзы, непакоілася, што Ганна мала есьць.
— Ты-ж зусім схуднееш, дачушка, калі будзеш гэтак есьці.
Бацька, не адыходзячы ад печы, сказаў:
— Ну, няхай сабе. Яна здарожылася. Няхай адпачне, тады будзе есьці.
— То хіба ты ляж пасьпі трохі.
— Уночы пасплю... Хаця пагавару з вамі.
Пасьля думала ўсё пра гэтыя гаворкі; няпрыемна было, нядобра. І няпрыхільнасьць нейкая была да Вашыновічыхі, калі прышла тая і пачала распытваць.
Пад вечар пашла з мацераю ў гумно набіраць мякіну, дастала мацеры з пограбу буракоў. Пасьля засталася адна на прыгуменьні. Ішоў сіні змрок з поля; на агародах сінеў сьнег. Каля гумна на ўзьмежку растаў за адлегу сьнег, вузкая істужка