усадзіць. Малако пахне, дык яны паўзуць у бок. Падпаўзе гэта мурашка да бутэльчынага, тымчасове, горла, панюхае, і пойдзе шчыгіляць сабе, пане мой, у бутэльку. А там плясьнецца на дно, дык, тымчасове, там ёй і фарфал.
— А-а-а, ня ведаў я раней.
— А от-жа ж.
— А можа і памагло-б.
— Тымчасове, дастаць дзе трэба. Апытаць дзе трэба, у людзей павінна быць. Чаму не, уг-га. Сярод людзей павінна быць.
— А-а-а, у каго-ж гэта тутака запытаць?
— Тымчасове, Ганна як прышла да мяне ў хату, дык я-ж ня бачыў яшчэ яе. Паблажэла трохі. Але вядома-ж, тымчасове, гэта.
— Ну, але.
— Як-жа хаця ёй там паводзіцца? Я ня ўсьпеў, тымчасове, нават і распытаць, як мае быць. Мікалай крываносы якраз сядзеў у мяне, разьлічвацца прышоў, я яму яшчэ поўрубля быў вінават за касьбу. Прышоў разьлічыцца. Усе даўгі, кажа, тымчасове, сысквае з людзей. З усімі разьлічваецца, хто яму вінават, каму ён, тымчасове, вінават. От пераломіцца, кажа, тымчасове, зіма на сонца, дык падацца думае ад нас некуды. От-бо чалавек, каб яго прывязаў, дык, тымчасове, на адным месцы ня ўседзіць. А-яй, што гэта за чалавек. Як няпрыкаены які, тымчасове, як асуджаны які валачыцца па сьвеце. От-бо натура ў чалавека.
— Ну, але, ён гэтакі.
— Тут-жа, тымчасове, яму і зямлі хацелі даць, каб ён адно захацеў, ён, сказаць, чалавек ня кепскі, крыўды тут ніякае нікому не зрабіў. От што. Жыў-бы сабе.
— Ну, што ты яму зробіш.