— Яму нават, тымчасове, Алесь і гэтае... гаварыў, тымчасове, значыцца, выразна, каб браў сабе кавалак зямлі, дый гэтае. Дык ён, ліха яму, рукі атрэпае, як ад чаго ліхога.
— Натура гэтакая.
— Тымчасове, ён і ня гультай. Не скажу. Нашто, тымчасове, гаварыць. Ён робіць. Працавіты хлопец.
— Робіць, уг-га.
— Я дык думаю гэтак. Тымчасове, як той казаў, на мой дурны розум, дык чалавек, які гэтак лішне мудруе, сам ня ведае, чаго ён, тымчасове, хоча, сам ня ведае.
— Хто гэта, Мікалай?
— Але.
— Ён, сказаць, і ня мудруе.
— Як гэта не? А што-ж гэта?
— Натура гэтакая ў чалавека.
— Тымчасове, натура натураю, а калі трэба, дык трэба. Тут-жа яму ніхто кепскага ня хоча.
— От ён, брадзяга, гэтакі ўдаўся.
— А як-жа. Алесь яму выразна казаў, тымчасове, так і так. Ня хочаш? Не, кажа, не хачу. Што-ж ты яму — кол на галаве будзеш часаць? Ты-ж яму, тысчасове, кала на галаве не зачэшаш.
— Ну, але.
— Алесь, дык той іначай. Ажаніўся, гаспадарыць сабе. Бацька, тымчасове, быў рамесьнікам, а ён за зямлю ўзяўся.
— Мае розум.
— Сказаць, ён хлопец, тымчасове, ня дурны.
— Не.
— Ніхто на яго гэтага ня скажа. Ён што гэта, тымчасове, сьветам круціць, дык патом для гэтага, галава ў яго, ліха яму, варыць..
— Варыць.