у хаце нават была гаворка. Брат кажа, што тады ня трэба было-б яму супроць саволі жаніцца. Ня ведаю, ці гэта ён стала гаворыць, ці гэта толькі пад настрой. Жыву я да часу нейк, гэтакі настрой у мяне. Не магу ні за што, як мае быць, узяцца. Пішы мне, як табе паводзіцца там у вялікім горадзе. Пішы пра ўсё".
"...Першыя дні мае тут поўна былі непарадку і клапатлівасьці. Нікога знаёмага тут у мяне няма, дык пакуль я знайшоў сабе дзе прыпыніцца, хоць да часу, дык вельмі давялося клопату ўжыць. Застанавіўся я ў агульным памяшканьні для студэнтаў N-скага інстытуту, жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Гэта пярэдні пакойчык, малюсенькі, у нейкім белым казённым доме. Праз яго праходзілі з параднага ходу ў дом. Цяпер парадны ход забіты наглуха, і пакойчык заставаўся без патрэбы. Кватаранты зрабілі там былі клеці для сябе. Я наняў яго за вельмі малую цану. Добра. Ён мае чатыры крокі ўшыркі і пяць удаўжкі. Цяпер узяўся ўжо за работу. Цэлымі днямі сяджу ў бібліотэцы. За зіму думаю скончыць працу, а тады ня будзе ніякае перашкоды залічыцца зноў ў студэнты. Цяпер я ў адным месцы стараўся наконт работы. Вельмі можа быць, што дастану яе, тады можна будзе зарабляць у месяц рублёў сорак, а то можа і пяцьдзесят. А яшчэ ў другім месцы ўжо маю работу на рублёў дзесяць — пятнаццаць у месяц. Дык тады можна будзе і табе прыехаць.