дык і гаварыць не даецца. Такі ўжо адразу пралентар стаў, што хоць ты перад ім вазьмі ды скачы... Гэта-ж ён Мацьвею, Сабастыянаваму брату, выстараўся шэсьць пудоў аўса. Дык той-ні так пасеяў, як канём скарміў.
— Шэсьць пудоў!?
— Шэсьць. А можа нават і больш яшчэ. І зусім. і аддаваць ня трэба.
Юрка вышаў з кустоў і стаяў збоку каля іх. Ён зьмёрз і ўсё чмыхаў сваім малым пачырванелым носам. Сваім дзіцячым-няроўным танклявым — голасам ён умяшаўся ў гаворку. Ад холаду голас яго быў яшчэ танчэйшы:
— Ды не, тата канём скарміў усяго пуд аўса. Можа нават і менш. А то ўсё пасеяў. Я сам бачыў.
Маўклівы цяпер Алесь глянуў на яго. Мужчыны не зьвярнулі на яго ўвагі. Павал гаварыў:
— Якое ім ліха адходзіць. Робяць мала, клопату ў галаве ня многа, а ты ім давай. Чаму не, уга! Гэтакім пралентарам і я магу зрабіцца. Што гэта — дрэнна гатовае браць? А хто-ж табе вінават, што ў цябе не гаспадарка, а халера ведае што? Што ты сваю гаспадарку да торбы давёў!? Гультаёў на сьвеце колькі хочаш. Памагай толькі кожнаму, давай гатовае, дык іх табе яшчэ больш наплодзіцца.
Узбуджаны Алесь моцна сказаў:
— Мацьвей хворы. Як ён табе будзе гаспадарыць.
— Ён ня так хворы, як рабіць лянуецца. Нядбала.
— Нядбала? Папробаваў-бы хто іншы на месцы. Няхай паскакаў-бы.
Юлік Барановіч заварушыўся і падсунуўся бліжэй да Алеся: