Конь панюхаў, уздыхнуў, папробаваў жаваць і пакінуў.
— Ня хоча есьці, — думаў Юрка, — дзіва што ён худы такі. За век зубы свае пазьядаў.
Ён пагладзіў каня па шыі. На седале пад страхою дрымотна абазвалася перапалоханая курыца. Кісла пахла конскім гноем і дрывамі. У варотах запахла хамутом. Зачыніўшы хлеў, Юрка нагнуўся і разглядзеў ногі. Яны былі чорныя ад засохлай балотнай гразі. На левай назе каля вялікага пальца было абадрана аб травяны корч на мяжы і крыху балела. Юрка пашоў у хату. У сенцах Мацьвей падсяваў у рэшаце жыта.
— Трэба прасушыць жыта, — сказаў ён, — ды заўтра змалоць у жорнах на хлеб. Сёньня акалаціў пятнаццаць снапоў.
— Трэба будзе абмалаціць больш ды ў млын завязьці.
— Чорт яго ўсё зараз паробіць. Хаця каб як на насеньне пасьпець. Тады ўжо будзем думаць пра млын.
— А, можа, каб нам з вамі хоць акалаціць капу ды змалоць у млыне, дык было-б лягчэй і скарэй.
— А дзе я грошай вазьму на млын! Ты яшчэ малы бацьку ўказваць, бацька і без цябе ведае. Ты яшчэ не зарабіў!
— Юрка ўвайшоў у хату і запаліў газоўку. Цьмянае сьвятло заліло сьцены і згусьціла цені ў куткох. Дзьве малыя сястрычкі яго сядзелі на ложку, цесна прытуліўшыся адна да аднае.
— Чаго вы сядзіце апоўначы?
— Мы думалі мама зараз прыдзе, або тата ўвойдзе і запаліць газоўку.
— А куды мама пашла?