— Мама пашла да Юзікавае цёці пазычыць хлеба, бо мы ня ўсьпелі напячы. Заўтра малоць будзем муку... Ня стой, Юрка, босы доўга на зямлі, а то скочкі на цябе паналазяць, дык заснуць не дадуць.
— Не тваё дзела. Няхай сабе паналазяць. Абы не на цябе.
Аднак-жа ён не злаваў, хоць і гаварыў так жорстка. Панурая раздражнёнасьць толькі была ў яго. Словы бацькі — „ты яшчэ не зарабіў“ — мучылі яго. Нявыразная боль і трывога клаліся на сэрца, крыўда пачала межавацца ў ім з безнадзейнасьцю.
— Што ёсьць вячэраць? — запытаў ён.
— Мама казала, што на лаве ў мыцельніку гуркі ў збанку і расол.
Ён наліў у міску расолу і ўкінуў гурок. На стале пад настольнікам знайшоў акраец хлеба і пачаў есьці, гойдаючы пад сталом зложанымі нагамі.
Маці прышла неўзабаве. Яна падышла да стала, палажыла хлеб і сказала Юрку:
— Няхай-бы ты пачакаў трохі, я звару бульбы.
— Я выгаладаўся. Вы мне бульбы трохі пакінеце ў гаршку.
— А куды-ж ты пойдзеш?
Ён падумаў трохі і сказаў:
— Да Юзіка, Юзік дома?
— Дома.
— Што ён робіць?
— Вельмі я ведаю, што ён робіць. От бачыла, што аціраецца каля ганку. Чаго табе цягацца вечарам! Кладзіся спаць павячэраўшы, дык здаравейшы будзеш.
Ён нічога не адказаў і даеў з міскі расол.
— Можа табе яшчэ падліць?
— Даволі.