можна будзе ў грушы ўскочыць. Вельмі-ж грушы, братка, а-яй! От смачныя!
— Я еў.
— Калі-ж ты еў?
— Мне раз быў Хоня даў.
— Хлусіш, Хоня нікому груш не дае. Недзе ўскочыў быў ды налаташыў.
— Яй-богу не. Каб я так жыў. І цяпер зноў абодвым ім стала няёмка.
Яны ішлі цёмнаю вулачкаю. Пахлі гнілыя платы. Юрка сказаў:
— Хоня мусіць загарадзіў плот.
— Адкуль ты ведаеш?
— Бо каб не загарадзіў, дык сьвіньні паналазілі-б.
— Можа яны і паналазілі былі.
— Не.
— Чаму?
— Бо мусіць плот загарадзіў.
Каля Хоневага плоту яны прыпыніліся.
— А што, я казаў, што загарадзіў.
Стоячы, яны пасьвісталі трохі і пашлі далей.
Прэла пад нагамі лісьце. Плыў пах, густы вясёлы.
Юзік заўважыў:
— Каб у нас былі свае грушы, от я папаеў-бы.
Холадна і спакойна Юрка адказаў:
— Яблыкі лепш за грушы. От як у папа яблыкі—тыя чырвонабокія, вінныя, дык лепш за ўсякія грушы.
— Вельмі ты еў іх!
— Уга, я іх чорт ведае колькі папаеў. Нават летась яшчэ.
— Летась на іх яблык яшчэ ня было. Гэта-ж маладыя яблыкі, кагадзе шчаплялі іх. А для