— Маладыя гады неўзаметку пройдуць. І не агледзішся. Я праз два гады ў навабранцы пайду. А пасьля салдат зусім другое; можа я тады ажанюся, дык і мінецца ўсё. А цяпер хаця пагуляць гэтымі гадамі. Колькі тут засталося, гадоў два якіх. Ты, братка Клемусь, сам павінен ведаць.
― Клемуся тут няма.
— А дзе-ж ён? Клемусь!
Спатыкаючыся па няроўнай зямлі, Петрык пашоў у бок вуліцы, Юрка шапнуў Юзіку:
— Петрык-жа з Макаркаваю Волькаю гуляе.
— Ну-у?
— Яй-богу. Я нават сам бачыў.
— Што?
— Як яны вечарам падручку ішлі. Ідуць, баючыся, каб ніхто ня ўбачыў, а я гляджу з свайго двара. Яй-богу-ж праўда!
— От дурны, чаму-ж ты ня гукнуў на іх. Або няхай-бы сьвіснуў моцна.
— Ну але, трэба было сьвіснуць.
Клемусь — белагаловы і цыбаты — пералез цераз плот аднекуль з папоўскага двара. Ён падышоў да хлопцаў і ляпнуў Юзіку па плячы. Юзік спрытна вылузаўся з-пад рукі з дробнаю вясёласьцю голасе:
— А-я-яй! братка Клемусь, не чапайся!
Клемусь, гойдаючы каленьмі, цесна абцягненымі чорнымі порткамі, з прыточанымі ўверсе галіфэ, адказаў:
— Я чуў, што твой бацька хеча, каб ты ажаніўся.
Юзік пастараўся не зразумець:
— Хто?
— Ты. Табе-ж бацька казаў, каб ты шукаў сабе якое-небудзь кабеціны.