Юрка зарагатаў, Юзік з раздум'ем плюнуў сабе пад ногі. Хлопцы засьмяяліся і пачалі гаварыць пра капэлю. Гаварыў Клемусь:
— ...Нават каб мы, пасьля, злаўчыўшыся, пачалі вясельлі граць, дык на тое выгадалі-б. Гэта каб адно, цяпер купіць струмант.
— А хто-ж цябе граць наўчыць.
— Не сьвятыя гаршкі лепяць... Можна было-б на месяцаў два наняць якога-небудзь капяльдудкіна. Няхай-бы вучыў.
Хлопцы зарагаталі. Гаворка пашла далей:
— А каб гэта кожная хата дала частку на арганізацу капэлі. А рэшту дала-б пажарная дружына, бо на ўсё дык у яе ня хопіць грошай. Нічога там няма.
— Ну то і ня дасьць-жа ніхто табе! Ткніся адно ў якую сабе хочаш хату, дык пакажуць табе такую музыку, што ня рад будзеш. Цябе за гэтую выдумку кожная баба памыямі абліе. Твайму або майму бацьку патрэбна музыка? Начорта яна яму. Ён мусіць як і маладым быў, дык ня вельмі быў ахвоч да яе.
— Хто?
— Твой бацька.
— Мой бацька сам музыкантам быў.
— Яго-ж бацька ў дудку сьвістаў. Тут-жа кажуць свая капэля была — дудкі і два бубны.
Хлопцы зарагаталі.
— Чаго-ж вы? Яй-богу. Мой бацька расказвае. Адзін бубен малы, а другі вялікі. Ты думаеш, што твайму бацьку непатрэбна музыка? Грошай у яго няма, от што. А спраў ты музыку, дык ён сам рад будзе.
— Але ўсё роўна ніхто табе на капэлю грошай ня дасьць.