— З-за дзяўчыны гэтае ўстрывожыўся. Як бо яна завецца?
— Ганна завецца.
— Слухай мае парады... Ты з бацькам яе гаварыў?
— Не.
— А сам ён ведае?
— А хто яго ведае, мусіць. А ўрэшце, ліха яго бяры, як сабе хоча. За пасагам я не ганюся.
— Ну ён і пасагу дасьць.
— Няхай дасьць, калі хоча. Я вазьму.
— Сёньня-ж вечарам пагавары з ёю... Хадзем... Ты выбачай, браце.
Яны пашлі ўздоўж паўз мяжу. Тамаш сказаў:
— У босыя ногі іржышча колецца... халь-лера... Трасца яму, ботаў ня правіць. Трымае трэці дзень...
Алесь ішоў паперадзе і маўчаў.
Шумелі заспакоена кусты пры дарозе, вецер плыў і плыў. Моцна пах яловец на ялавіне. Ціха было і хмурна.
Тамаш яшчэ сказаў:
— У ногі холадна, ліха яму.
Алесь маўчаў.
— То чаго ты занудзеў раптам?
— Я не занудзеў.
— Што-ж, я ня бачу?
— Я думаю.
— Пра што ты думаеш?
— Пра ўсё... От, здаецца, і ўсё добра. Робім, нанава пераробліваем, усё як мае быць, а раптам зьявіцца нейкая прычына, дык усё іншым можа здацца.
— Ты гэта пра бабу?
— Ні то што пра яе...