Ён адапхнуў з-пад ног авечку і сказаў:
— Зараз і вам дам. Пачакаеце.
І яму весела было, як вакол у суседніх хлявох сьпявалі пеўні.
У конскім хлеве ён аглядзеў жалабы, дрэнна бачачы ў змроку і абмацваючы каструбаватыя дошкі. Пагладзіў па шыях коні, падлажыў ім сена і пастаяў каля іх, слухаючы, як яны ядуць. Весяліў яго гэты стук і шум. Усё яму здавалася добрым, толькі нездаваленьне было тым, што Мікалаю Крываносаму было пераплачана за малацьбу. „Лішнія сорак капеек аддаў — думаў ён — ня варта было даваць, мала што ён зьвягаў. Так і прайшло-б, а то — чорт ведае якую цану зьдзёр".
Разьвіднялася хутка. Лісьцё і зельле відаць стала выразна. Два высокія клёны каля гумна здаваліся сінімі і мокрымі. Відаць былі на іх яшчэ чорныя камякі сонных варон.
Ён павольна хадзіў па прыгуменьні, падцягваючы сваю хворую нагу і ўсё гаворачы сам з сабою. Насыпаючы ў мяшок мякіну, ён гаварыў:
— Чэрці яго ведаюць, можа ён і сапраўды гэта кашу заварвае, гэты хлопец. Што-ж, ён каморнік, невялікі лішне пан, сам мусіць з мужыкоў. Але вельмі скора нешта, усяго тыдзень, як жыве, а разам ходзяць, хіба ён раней якім-небудзь парадкам Ганну ведаў? Усё можа быць... Каб гэта напраўду ён, дык няхай-бы ішла. Невялікая раскоша пайсьці за якога-небудзь Алеся. Ён-то хлопец можа і нішто, бацька яго быў рамесьнікам і ён да ўсялякае работы здатны, але-ж вельмі галетнік. Пакуль ён на гаспадарку ўзаб'ецца. А гэта не чалавек, а гатовая крупа. Пройдзе месяц — рабіў не рабіў, а пэнсію — на! От няхай-бы жылі здаровенькія. Калі і дзе захацелі-б сабе пабудаваць,