— Але-ж на дварэ цёпла стала, — сказаў Юлік Барановіч.
— Але, — адказалі ўсе гуртам.
Юрка ўвайшоў у хату і паскардзіўся:
— Конь нічога ня есьць.
Мацьвей паглядзеў на Юрку і даў загад:
— Завядзі яго на паплавы, няхай жывіцца. За дзень пад'есьць трохі. Толькі не выпускай на вуліцу, а завядзі, бо ён сам усё роўна ня пойдзе, падла, воўчае мяса... Дай яму вады.
— Даваў. Дык ён адно губы памачыў і ня піў.
Юрка пашоў з хаты. Юлік Барановіч залажыў рукі ў рукавы і стаяў так пасярод хаты. Заўважыў на стале нож-сьцізорык, паглядзеў і сказаў:
— Які нож, з якімі цацкамі!
— Гэта дзеці нашлі, — заўважыла Мацьвеіха.
— У мяне быў такі самы, але я ехаў раз улетку ды згубіў з кішэні. Толькі мой большы быў... Ведаеш што, Мікалай?
"Трасца яго матары, сарака капеек будзе дапамінацца“, — падумаў Мікалай і прыжмурыў вока.
— Можа ты яшчэ ў мяне ты дзень памалоціш — хлопцы цяпер у лес езьдзяць, а ты патроху грукаў-бы... А то мы з табою і ўдвух патроху цупалі-б-мне кулі патрэбны, дык трэба жыта перамалочваць; ярына няхай застаецца надалей.
— Малаціць то можна, але каб ты мне наперад даў грошы, вельмі-ж мне цяпер грошы патрэбны.
"А халера-ж на яго, які хітры“, — падумаў Юлік Барановіч.
— Нашто-ж табе так адразу грошы?
— Боты шыю новыя.
— Дык няўжо-ж у цябе ўжо на гэта сышло? Адзін душою — табе-б здаецца можна заўсёды грошы мець у кішэні. Ты-ж работу заўсёды маеш.