— А можа скажаш, дрэнная гаспадыня?
— Да паўдня каля печы кошкаешся.
— Ну то і добра, — адказала яна з вострай дзявочай усьмешкай і чорным бляскам вачэй. Несьвядома-хітраю жаночаю засмучонасьцю вабіла яна да сябе.
— Вечарам я прыду да цябе, — сказаў Алесь ціха, аглядаючыся на прычыненыя дзьверы ў хату.
— Прыдзі, — сказала яна.
— Ты будзеш мяне чакаць?
— Буду.
Аднак твар яе пабялеў, і яна стала глядзець у печ, дзе датляваў пад бельлю жывога попелу жар. Алесь заўважыў гэта і паглядзеў ёй у вочы. Зірку іх злавіць нельга было. Узяў яе за руку — рука была вялай і бязвольнай. Ён пагладзіў далоню рукі і пашоў назад да каморніка. Той, прысеўшы на край ложка, папраўляў на нагах гетры.
— Дык вечарам пагуляем дзе? — зноў сказаў каморнік.
— Хіба дзе так зьбяромся ды пасьпяваем.
— Сьпяваць я не магу. Голас у мяне...
Алесь падаў яму руку. Юнацкі твар каморніка ўпа у вакно на вуліцу. Алесь моцна стукаў ботамі па разламаным тротуары з аполкаў. Ганна падмятала кухню.
— Ведаеце што?.. — сказаў каморнік, зьяўляючыся ў дзьвярах.
— Не, ня ведаю, — засьмяялася Ганна.
— Дык я-ж вам скажу... вечарам давайце мы з вамі пойдзем гуляць.
— Ну куды-ж?
— У прысады пойдзем...
— Я ня ведаю, — пачырванела яна.
— Чаму вы ня ведаеце?