і рогат. Юлік Барановіч падышоў бліжэй і пільна разглядзеў, як белагаловы Клемусь прапускаў у сярэдзіну людзей. З застылаю ўсьмешкаю аб нечым марыў каля ганку міліцыянэр.
— Што гэта будзе тут? — запытаў Юлік Барановіч.
Міліцыянэр перакруціўся на аднэй назе:
— Спектакль... "Асінае гняздо" ставіцца.
— Асінае гняздо?
Юлік Барановіч пашоў далей, ціха пасьмейваючыся:
— Асінае гняздо?.. Шпільтак... Шпільтак нейкі, трасца іх матары. Шпіталь вар'ятаў!
— Праз хвіліны дзьве ён увайшоў у царкву.
У прытворы гарэла тоненькая сьвечка. Маўклівы твар Хрыста глядзеў у бяздоньне чорных сьцен. Пахла заляжаласьцю і спакоем, бяз бур і трывог. Спакой гэты межаваўся з няйснаваньнем.
Ён пацалаваў у халоднае дрэва, дзе абшморгана была людзкімі губамі нага Хрыста і паправіў сьвечку перад Хрыстовым тварам.
У царкве, скупа асьветленай, дзяк чытаў кафізмы. Налева, каля сьцяны, кум прадаваў сьвечкі. Юлік Барановіч падаў куму руку:
— Як маецеся?
— Дзякуй богу. Як вы?
— Дзякуй за памяць...
— Што гэта за гвалт такі чуваць?
— Гэта-ж, адпусьці бог грэх, шпільтак
— Ага.
— Ну але. Асінае гняздо.
— Яны яшчэ пашапталіся пра цану на позьнія гуркі, пра нямецкае войска і пра новую кадушку, якую кум пазаўчора купіў на капусту. Пасьля ўдвух запалілі яны панікадзіла і зноў пачалі пера-