— Тата будзе крычаць.
— Ну але будзе.
— Нічога, запішамся.
— А Хоня свайго хлопца кожны дзень лупцуе, калі ён позна дадому прыцягнецца. Ён-жа прыходзіць чуць ні кожны дзень позна ўночы.
— А дзе-ж ён цягаецца?
— От, то ў клюб пойдзе, то яшчэ куды.
— Ён-жа ўжо комсамолец.
— Не, ён яшчэ піонэр.
— А, ну але піонэр. Гэта я забыўся.
Яны зноў памаўчалі. Юзік дашчэнту зьбіў каліўё і разам з ім схвастаў дубец. Раптам Юрка, як-бы што прыпомніўшы, дзіка глянуў на траву і сказаў ціхім голасам:
— Мая мама хворая.
Юзік працягла спытаў:
— Хворая?
— Хворая.
— Яна-ж ходзіць і робіць усё.
— Мала што ходзіць і робіць усё, але хворая.
Яна раніцою як устае, дык заўсёды енчыць, што галава баліць... А часамі і жывот ёй баліць. Кажа, што ёй у вачох цёмна. Галава кружыцца, калі яна паднімае што цяжкое, або пасядзіць доўга ды ўстане. Вельмі-ж ёй цяжка даставаць з пограбу картоплю.
— Ну дык чаму ты ёй не памагаеш?
— Я-ж памагаю. Але калі яна нейкая... От калі занатурыцца, дык ня хоча, каб я памагаў ёй, — я, кажа, сама. Яна мяне шкадуе.
— А чаму твой тата не памагае ёй даставаць з пограбу картоплю?
— Тата часам памагае, але вельмі яму час ёсьць, або ў галаве гэта яму. Ён-жа такі.