— Які?
— Ён адно крычаць умее.
— То няхай-бы твая мама пашла да доктара.
— Вельмі ёй час ёсьць. Яна-ж дурная, ня хоча кінуць работы, ды ня пойдзе...
Падумаўшы, ён дадаў:
— Я ёй скажу, каб яна пашла да доктара... Я ўкраду, каб тата ня бачыў, жыта, ды прадам, ды дам грошы на доктара.
— А хіба тата шкадуе ёй на доктара?
— Ён то не шкадуе, але цішэй у хаце будзе, калі ён бачыць ня будзе.
— От дурны твой тата.
— Дык ён жа не шкадуе, яй-богу не!
— А чаго яна хворая?
— Дзіва што будзе хворая, гэтак жывучы. Ніколі ня высьпіцца, не пад'есьць. Ды заўсёды яшчэ ў жорнах меле.
Нядзіцячы бляск раптам зьявіўся ў Юркавых вачох. Вострым агнём загарэліся яны. І адзнакі непераможнага жаданьня прайсьці скрозь усё, у скалыхнулі ўсе рысы яго дробнага твару. Так ён стаяў, шчуплы і ўзбуджаны, поўны немымі бурамі.
— Юзік!
— Чаго ты?
— Хадзем пад рэчку.
— Чаго?
— Рыбу лавіць.
— Ня будзе брацца.
— Будзе... Хадзем.
— Ну хадзем... Але я яшчэ ня сьнедаў.
— Дык я цябе пачакаю.
— Добра, пачакай.
— Дык ты ідзі хутчэй.