была ў дрымоце і салодкім забыцьці. Аддаўшы ўраджай, яна поўнілася цяпер глыбокадумным хараством бурнае цішыні.
— Мікалай у нас жыве цяпер, — сказаў Юрка.
— Ведаю.
— Яму Юлік сорак капеек пераплаціў, як ён малаціў у яго
— От добра, што скупяньдзя гэтая пераплаціла.
— Хадзем дадому.
— Пачакай яшчэ трохі.
— Я ўжо есьці захацеў. Хадзем, пакуль зойдзем...
Яны ішлі куставою дарогаю. Крушына і алешына абсыпалі іх багацьцём жоўтага багацьця свайго. Лісьцё на дубовых кустох трымалася яшчэ моцна. За кустамі журылася поле; іржышча і ральля межаваліся з чырванаватаю жытняю руньню.
— Вы ўжо, Юрка, усё сваё жыта пасеялі?
— Не, яшчэ можа з які пуд пасеем.
— А мы-ж ужо ўсё.
— Бо у вас конь лепшы... Каб у нас быў добры конь, дык я адзін усё парабіў-бы.
— Ты яшчэ малы.
— Але я падростаю... От каб гэта конь добры. Каб скарэй адно я падрос. Няхай сабе тады бацька, што хоча робіць. Яй-богу-ж праўда. От паглядзіш. Ты думаеш не?
— Унь, Юрка, твая мама.
— Дзе?
— Унь каля рову каровы гоніць.
Жанчына была адзета ў ватовы кароткі руды каптан і паволі падганяла карову.
— Пастухі забыліся выгнаць, — сказала яна.
— Давайце я заганю.
— Ідзі, сынок, гуляй. Ты ў будзённы дзень напрацуешся, то хаця сёньня пагуляй. Ідзі сабе. Ідзі