гумне, слаўна адчуваў лёгкасьць чыстых ануч на нагах у новых ботах. Тупаў каля хаты, падглядаў, як клапаціліся каля печы жонка з нявесткаю і стала пакручваў вусы.
Госьці павінны былі сабрацца па паўдні, калі скончыцца абедня.
Ужо званілі ў царкве, як быў ён у Мацьвея. Мацьвей сядзеў на парозе сянец, босымі нагамі на двор і чухаў іх.
— От ты ўжо і ўнука прыждаў, — усьміхнуўся Мацьвей, гледзячы брату ў твар.
— Але... Прыходзь на радзіны сёньня.
— Калі?
— Так, пад абед.
— Гэта сёньня гуляць хрысьціны будзеце?
— Але... ці не дастану я ў цябе паўпрыцы. Раскідаліся жорна, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць сьвет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. У цябе, здаецца, паўпрыца другая была.
— Можна... Юрка, дзе наша паўпрыца другая?
Юрка выскачыў з хаты і адразу ўспомніў:
— Наша, другая паўпрыца на гары каля коміна.
— Дастаць?
— Дастань.
Сабастыян сеў на парог.
— Ну, як твая маецца? Нездарова нешта была, мая гаварыла.
— Нешта ўсё. ёй далягае, ніяк адолі ня возьме.
— Дык так, пад абед, падыйдзі, братка...
— Толькі от што ты мне так позна гаворыш, усё роўна як чужому. Мая-ж там памагла-б штонебудзь каля печы, каб ты раней сказаў, а то нічога не гаворыш, хто там вас ведае... Ты сказаў-бы дзён за два, дык я прыгатаваўся-б, а то як-жа гэта з пустымі рукамі ісьці...