Павал пачуў:
— Што, я ў яго буду прасіць прабачэньня? Не даждаў ён, каб я ў яго прабачэньня прасіў. Рызыкант. Ён думае, калі дачку аддаў за армейскага камандзіра, дык ужо вельмі вялікі асэсар? Многа я іх бачыў. Я яшчэ з яго спаганю тыя два рублі, якія ён з мяне зьдзёр.
— Брыдка, Паўла. Ты-ж сам ведаеш, што твае каровы нарабілі ў мяне ў агародзе шкоды не на два, а на дзесяць рублёў. Пабойся бога, трэба-ж мець сумленьне. Што ты, ня маеш бога ў сэрцы?
— Паўла сілком пасадзілі на лаву. У агульным тлуме, поп вылез з-за стала, зьбіраючыся ісьці. Некалькі мужчын і баб упрошвалі яго:
— Бацюшка, плюньце вы.
— Ліха яго бяры, от ён ужо зусім зваліўся. П'яны-ж ён.
— Пабудзьце хоць трохі.
Раптам дзяк зноў пачаў гаворку пра кабылу.
— Не, не, я табе дам на рукі факт, — блытаў словы Павал, стараючыся пачухаць пераносьсе.
Поп сеў на сваё месца.
— Ты для мяне ноль! — раптам схіліўся да яго Мацьвей — чуеш? Ты для мяне ноль. От што!
— А ты яшчэ чаго?
— За дзяцей сваіх, от што! Ты нашто майго хлопца за вушы круціў?
— А ты не прывучай свайго хлопца да зладзейства.
— Што ён у цябе ўкраў?
— Мала ён у мяне яблык папакраў?
— Ён у цябе яблык калі і ўкраў, дык на капейку.
— Я яго і за вушы накруціў ня больш, як на капейку.