— Які ён забіяцкі. У нас народ запечны. Гэта толькі здаецца. Толькі слава тая, што народ!
Дзяк падаў тлумачэньне:
— Ну, пэўна, што няма тут сярод нас вельмі выдатных герояў.
— А дзе яны ёсьць вельмі тыя героі?
— Чаму, яны ёсьць... Ёсьць такая казка — наеўся цыган кіслага малака, ды вельмі-ж бараду ў гэтае малако абрабіў...
Барановічаў кум раптам зацікавіўся:
— Хэ-хэ, няхай ён запаветрае з сваёю барадою. Няўдалы нейкі, хэ-хэ.
— ...Ну, абліў ён, значыць, кіслым малаком бараду і лёг спаць на дарозе. А сонца калі прыпякло, дык на гэтую яго бараду нешта з семсот мух села...
— А хто гэта вылічыў, што якраз семсот? А можа там было ўсяго сто. Хто гэта знайшоўся такі, што якраз-бо вылічыў?!.
— Пачакай ты, дай чалавеку сказаць.
— ...Дык мухі сабе сядзяць ды жывяцца ў цыганскай барадзе. А цыган, калі чамярахнуў рукою!..
— Ня з гэтага расказваць пачаў, гэта пасьля ужо ён малако еў...
— ...Дык ён калі чамярахнуў, дык іх усе і падушыў.
— Усе зараз? Семсот?!
— Так зараз піша на паперы — за адным махам семсот галоў пабіяхам...
Кум узьнепакоіўся:
— Цьфу! Нашто за сталом усякае паскудзтва гаварыць. Пакіньце.
— Няхай раскажа.
— Нашто, тымчасове, я-ж кажу, за божым, можна сказаць, дарам пра ўсякае паскудзтва...