ных у статуце мэтаў, гурток, бязумоўна, ставіў перад сабою і мэты патрыётычна-польскія, зьвязаныя з адбудоваю Рэчы Паспалітай, што відаць з артыкулаў „Брукавых ведамасьцяў". „Ведамасьці" выходзілі з друку акуратна што тыдзень па суботам. Часопісь праістнавала больш як 5 гадоў (зачынена летам 1822 году); усяго выйшла ў сьвет 287 нумароў, што складае каля 150 друкаваных аркушаў. Амаль што ўсе артыкулы пісаліся сябрамі гуртка.
Адначасна з гуртком „Шубраўцаў" нелегальна істнуе організацыя так званых „Філяматаў". Яна таксама зьбірае да сябе моладзь, каторая хоча працаваць глыбей над навукаю і рабіць справу адраджэньня Рэчы Паспалітай. У ліку закладчыкаў гуртка „Філёматаў" стаяць такія імёны, як польскі пясьняр Адам Міцкевіч, Томаю Зан, беларускі адраджэнец і пясьняр Ян Чачот, Я. Яжоўскі і др. Усё гэта студэнты, вельмі популярныя сярод інтэлігэнцкай моладзі таго часу. Мэта „Філёматаў" вызначаецца так: шляхам добрай адукацыі палепшыць становішча айчыны. Што датыча да тэрміну „айчыны", то організацыя разумела пад ім Літву і Беларусь, каторыя павінны ўходзіць у склад Рэчы Паспалітай, як яе аўтаномныя правінцыі. Гурток „Філёматаў" раскладаўся, згодна з навуковымі запатрабаваньнямі сваіх сяброў, на дзьве сэкцыі, літаратурную і фізыка-матэматычную. На чале першай сэкцыі стаяў ужо памянёны намі А. Міцкевіч. Пасьля таго, як ён выбыў з унівэрсытэту ў Ковеншчыну, яго месца заняў працаўнік тагачаснага беларускага руху Ян Чачот, каторы прышчапляў сябром гуртка цікавасьць да беларускай культуры. На чале фізыка-матэматычнай сэкцыі ўвесь час стаяў Томаю Зан.
Нелегальнае існаваньне звужала працу гуртка і „філёматы" ўвесь час прагнуцца легалізавацца. Гэта ім урэшце і ўдалося зрабіць. З „ Філёматаў" утвараецца легальны гурток „Прамяністых" (ад слова „прамень"). „Прамяністыя" маюць добра апрацаваны статут, які складаўся з 15 артыкулаў. Статут напісаў Т. Зан разам з другімі сябрамі. Прарэдагаваў і зацьвердзіў статут рэктар унівэрсытэту Малеўскі. Пры зацьвярджэньні гуртка рэктар вызначыў, што ён спадзяецца, што гурток прыйме ўсе меры да таго, каб навучаць студэнтаў шчыра выконваць усе студэнцкія абавязкі. Апроч таго, рэктор перасьцерагаў, каб організацыя ўводзіла ў свой склад выключна студэнтаў, не пашыраючыся за сьцены ўнівэрсытэту. Пасьля легалізацыі „Прамяністыя" ў сваім статуце ставяць сабе за мэту інтэлектуальнае і моральнае развіцьцё студэнцкай моладзі, а таксама і організацыю разумных і карысных гулянак для сваіх сяброў. Тайнаю мэтаю гуртка, як і раней, засталося патрыётычнае выхаваньне моладзі. Мясцовы, беларускі колёрыт застаецца ў гуртку і пасьля яго легалізацыі. Паміж іншым, у 8-м артыкуле статуту організацыі вызначана такое заданьне: „жадаць дабра сваім адназемцам кожнага стану і ўсяму народу наогул, зьберагаць карысныя звычаі сваіх продкаў, шанаваць сваю прыродную мову і вучыцца ёй". Прыроднаю моваю на Беларусі гурток лічыў як польскую, так і беларускую. Аб гэтым мясцовым напрамку „філёматаў" сьведчыць таксама прысутнасьць і дзейны ўдзел у гуртку такога беларускага культурніка, як Ян Чачот.
„Прамяністыя" шырока разьвінулі сваю працу. Ішлі сходы, організаваліся процэсіі за горад і гулянкі за горадам. Даваліся матар'ялы праз сяброў „шубраўцаў" у „Брукавыя ведамасьці". Вяліся зносіны з моладзьдзю, каторая ня ўходзіла ў організацыю. Але хутка аб гуртку „прамяністых" пайшлі ўсялякія чуткі. Найбольш гаманілі аб яго патаемнай патрыётычна-політычнай працы. Пачала цікавіцца працаю гуртка патаемная руская паліцыя. Каб адвярнуць ад сябе гэтую ўвагу і цікавасьць