Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

МАЁЙ МАЦІ

I

Выпраўляла маці сына
На чужую старану,
Бласлаўляла ладам-чынам,
Каб шчасьліва павярнуў.

Ды наказвала хлапчыне:
„Доля прыдзе ці міне —
Помні, сыне, на чужыне
Аб краіне, аба мне!

Не запамятай ніколі,
Будзеш бедны ці багат,
Нашай долі і нядолі,
Нашых пожняў, нашых хат“.

Ой, матуля, ой, кахана,
Не забыцца думкам, не!
Ці то позна, ці то рана
Люты смутак душу тне.

А ўспамянеш, бы ў тумане,
Бацькаўшчыну і цябе,
Сэрца зьвяне, сіл ня стане
Біцца ў смутку і жальбе“.