Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/113

Гэта старонка была вычытаная

II

Ты чакаеш сына, ведаю,
З гора, ведаю, з тугі
Ўпалі вочы, губы бледыя
Старыць, сівіць лёс благі.

І нястрымнае і лютае
Не пазбудзешся нуды;
І клапотамі, пакутаю
Гнуць суровыя гады.

Як бярозка тонкім вецейкам,
Ў сум прыбралася сама,
Бачыць сонца ясным лецейкам,
Што табе пацех няма.

І падслухвае пшанічанька,
Як на постаці адна
Ты ўздыхаеш і крынічанька
Жалю ўскіпвае да дна.

А зімою ноч падглядае
Доўга, сьцішна пад вакном,
Як прадзеш, прадзеш нярадая,
Не пазбудзеш думак сном.

Як праз ветра сьпеў з трывогаю
Ловіш з сьнегавых далін,
Ці ня едзе хто дарогаю,
Ці ня стукне ў дзьверы сын…