Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

ДЗІЦЯ

Са сьмехам па пожні так жвава
Бяжыць, матылька даганяе
І топча і кветкі, і травы
Дзяўчынка, нябога малая.

Дзіця, супыніся часіну!
Ў жыцьці без патолі і ласкі,
Як злыдні й нягоды ахінуць,
Ці ўспомніш стаптаныя краскі?

Пад сонцам вясьняным і шчасным,
Ў вясеньнюю, сьветлую пору,
Стаптаныя, ссохнуць бясчасна
Яны бяз тугі і дакору…
.............
Дзіця, супыніся і далей
Бяжы па зялёнаму долу…
Такія блакітныя далі,
Так проста і ясна наўкола!

1922 г.