Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

НА ПЯРЭДАДНІ

Ружовая стужка на ўсходзе,
Як сьцяг пераможнага дня;
І марыць аб сьветлым прыходзе
Пярэдадня змрок-цішыня.

Халодныя, сьветлыя росы;
Спакой, нярухомасьць і сон;
Здаюцца траве ўжо пракосы
І косаў сярэбраны звон.

Ў імшарах, балотах, лагчыне
Бялявы, празрысты туман;
А неба — глыбока і сіне,
А неба — бязьмежны дыван.

І лес у чаканьні бязмоўным
Зялёнай жывою сьцяной
Стаіць, маліцьвеннасьці поўны,
Ўрачыста, як на мшы сьвятой.

Зацьвіркала першая птушка,
І ветрык павеяў сьвяжэй.
Ружова-ядвабная стужка
Палае ярчэй і ярчэй.

1923 г.