Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/52

Гэта старонка была вычытаная

Беларусь, Беларусь — гэта дзей
І разумных, і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум, і людзей,
І бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і зьдзек
Краскай макавай ярка цьвітуць.

Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцьці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў,
А начніцы вядуць карагод,
Дзе, пад шум каласоў, ведзьмары
На палетках заломы кладуць
І ў Купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць…

1920 г.

|}