Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/57

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЛЕСКІ

Маці-зямля радзіла іх
Ад першых пацалункаў сонца.
Між зёлак леташніх, сухіх
Яны ў бары ўзышлі ў старонцы

Шумяць што-разу весялей
Над імі хвоі аб прадвесьні,
І вецер штодня ласкавей
Іх песьціць і пяе ім песьні.

І хоць зімы відаць сьляды,
Яшчэ марозіць, часам, ночкай,
Ды больш ня страшаць халады,
І верыш мілым, сінім вочкам;

І любы так бясконца мне
Яны, з усьмешкай ціхай дзеці…
Пара іх, кволых, праміне,
Прайдуць яны, як усё на сьвеце.

Але ўжо мкне душа мая
У сіню даль, за пералескі,
І ў сэрцы ўсходзяць — чую я —
Тугі вясьнянае пралескі.

1921 г.