Старонка:З палёў Заходняй Беларусі (1927).pdf/95

Гэта старонка была вычытаная

IV

Ты спыніла мяне каля дзьвераў,
Ўзьнікшы ў памяці зоркаю вернай.
Я ў збавеньне маё не паверыў
І спусьціўся па сходах таверны.

На абрусах тут брудныя плямы
І сумота ў піяцкім абліччы: —
Мне ня выпаўзьці з гэтае ямы,
Не паслухаць далёкага клічу.

Ты жыцьцём, нібы жытняй мяжою,
Паступаеш свабодна і пэўна,
Я, агорнуты сьнежнай імглою,
На шляху маім вее завеўна.

Над табою блакітнасьці келіх
І ў вачох тваіх ціхая яснасьць,
Я прыношу апошні мой шэлег,
Каб заліць гэту злую напаснасьць.

Не схаваю сьвядомасьці млоснай
Ад цябе незраўнанага баю:
Раскрыжованы доляю злоснай,
Як-жа душу маю захаваю?